Сообщение об ошибке

  • Deprecated function: Optional parameter $path declared before required parameter $arg is implicitly treated as a required parameter in include_once() (line 1439 of /usr/local/www/subdomains/70let/site/includes/bootstrap.inc).
  • Deprecated function: Optional parameter $type declared before required parameter $key is implicitly treated as a required parameter in include_once() (line 1439 of /usr/local/www/subdomains/70let/site/includes/bootstrap.inc).
  • Deprecated function: Return type of DateObject::__wakeup() should either be compatible with DateTime::__wakeup(): void, or the #[\ReturnTypeWillChange] attribute should be used to temporarily suppress the notice in include_once() (line 143 of /usr/local/www/subdomains/70let/site/sites/all/modules/date/date_api/date_api.module).
  • Deprecated function: Return type of DateObject::format($format, $force = false) should either be compatible with DateTime::format(string $format): string, or the #[\ReturnTypeWillChange] attribute should be used to temporarily suppress the notice in include_once() (line 143 of /usr/local/www/subdomains/70let/site/sites/all/modules/date/date_api/date_api.module).
  • Deprecated function: Return type of DateObject::setTimezone($tz, $force = false) should either be compatible with DateTime::setTimezone(DateTimeZone $timezone): DateTime, or the #[\ReturnTypeWillChange] attribute should be used to temporarily suppress the notice in include_once() (line 143 of /usr/local/www/subdomains/70let/site/sites/all/modules/date/date_api/date_api.module).
  • Deprecated function: Optional parameter $input declared before required parameter $form_state is implicitly treated as a required parameter in include_once() (line 1439 of /usr/local/www/subdomains/70let/site/includes/bootstrap.inc).
  • Deprecated function: Optional parameter $rrule declared before required parameter $item is implicitly treated as a required parameter in include_once() (line 1439 of /usr/local/www/subdomains/70let/site/includes/bootstrap.inc).
  • Deprecated function: Optional parameter $rrule_values declared before required parameter $item is implicitly treated as a required parameter in include_once() (line 1439 of /usr/local/www/subdomains/70let/site/includes/bootstrap.inc).
  • Deprecated function: Optional parameter $data declared before required parameter $name is implicitly treated as a required parameter in require_once() (line 342 of /usr/local/www/subdomains/70let/site/includes/module.inc).
  • Deprecated function: Optional parameter $data declared before required parameter $name is implicitly treated as a required parameter in require_once() (line 342 of /usr/local/www/subdomains/70let/site/includes/module.inc).
  • Deprecated function: Optional parameter $file declared before required parameter $entity_type is implicitly treated as a required parameter in require_once() (line 342 of /usr/local/www/subdomains/70let/site/includes/module.inc).
  • Deprecated function: Optional parameter $account declared before required parameter $entity_type is implicitly treated as a required parameter in require_once() (line 342 of /usr/local/www/subdomains/70let/site/includes/module.inc).
  • Deprecated function: Optional parameter $entity declared before required parameter $entity_type is implicitly treated as a required parameter in require_once() (line 342 of /usr/local/www/subdomains/70let/site/includes/module.inc).
  • Deprecated function: Optional parameter $account declared before required parameter $entity_type is implicitly treated as a required parameter in require_once() (line 342 of /usr/local/www/subdomains/70let/site/includes/module.inc).
  • Deprecated function: Optional parameter $values declared before required parameter $entity_type is implicitly treated as a required parameter in require_once() (line 342 of /usr/local/www/subdomains/70let/site/includes/module.inc).
  • Deprecated function: Optional parameter $view_mode declared before required parameter $entity_type is implicitly treated as a required parameter in require_once() (line 342 of /usr/local/www/subdomains/70let/site/includes/module.inc).
  • Deprecated function: Optional parameter $langcode declared before required parameter $entity_type is implicitly treated as a required parameter in require_once() (line 342 of /usr/local/www/subdomains/70let/site/includes/module.inc).
  • Deprecated function: Optional parameter $input declared before required parameter $form_state is implicitly treated as a required parameter в функции require_once() (строка 8 в файле /usr/local/www/subdomains/70let/site/modules/multiupload_filefield_widget/multiupload_filefield_widget.module).
  • Deprecated function: Optional parameter $input declared before required parameter $form_state is implicitly treated as a required parameter в функции include_once() (строка 1439 в файле /usr/local/www/subdomains/70let/site/includes/bootstrap.inc).
  • Deprecated function: Optional parameter $item declared before required parameter $complete_form is implicitly treated as a required parameter в функции include_once() (строка 1439 в файле /usr/local/www/subdomains/70let/site/includes/bootstrap.inc).

Гісторыя гістарычнага факультэта

Рашэнне аб адкрыцці з 1 верасня 1991 г. гістарычнага факультэта ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.С. Пушкіна было прынята Саветам інстытута 10 ліпеня 1991 г.

У вытокаў гістарычнага факультэта былі яго першыя кіраўнікі: у 1991–1994 гг. – кандыдат гістарычных навук, дацэнт Кабат Тамара Фёдараўна і кандыдат гістарычных навук, прафесар Мелішкевіч Уладзімір Ульянавіч, у 1994–2003 гг. – доктар філасофскіх навук, прафесар Акінчыц Іван Іванавіч. У 2003–2004 гг. абавязкі дэкана гістарычнага факультэта выконваў кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вабішчэвіч Аляксандр Мікалаевіч, з 2004 г. дэканам гістарычнага факультэта з’яўляецца кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Галімава Наталля Пятроўна.

Станаўленне гістарычнага факультэта ў першай палове 1990-х гадоў суправаджалася адпаведнымі структурнымі пераўтварэннямі. Найперш з утворанай яшчэ ў 1989 г. кафедры гісторыі, якую ўзначальваў Мелішкевіч У.У., вылучыліся 2 кафедры: кафедра ўсеагульнай гісторыі і гісторыі сусветнай культуры і кафедра гісторыі славянскіх народаў. Такім чынам, да 2004 г. у структуры гістарычнага факультэта знаходзіліся 3 кафедры: кафедра ўсеагульнай гісторыі і гісторыі сусветнай культуры (пасля заўчаснай смерці ў 1994 г. Мелішкевіча У.У. яе ўзначаліў кандыдат гістарычных навук, дацэнт Нікіценкаў Уладзімір Іванавіч), кафедра гісторыі славянскіх народаў (яе загадчыкамі былі кандыдат гістарычных навук, дацэнт Шаўчук Ігар Іванавіч і кандыдат гістарычных навук, дацэнт Здановіч Уладзімір Васільевіч), кафедра гісторыі Беларусі (загадчыкі – кандыдат гістарычных навук, дацэнт Ермаковіч Леанід Іванавіч, з 2000 г. кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Галімава Н.П.). Пасля стварэння ў 2004 г. кафедры гісторыі культуры і рэлігіі, якую ўзначальваў кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вабішчэвіч А.М., у структуры факультэта стала 4 кафедры: акрамя названай кафедры, таксама кафедра ўсеагульнай гісторыі (пасля заўчаснай смерці ў 2008 г. Нікіценкава У.І. на яе чале стаў кандыдат гістарычных навук, дацэнт Машчук Анатоль Васільевіч), кафедра гісторыі славянскіх народаў (загадчык – кандыдат гістарычных навук, дацэнт Савіч Аляксандр Аляксандравіч), кафедра гісторыі Беларусі (загадчык – кандыдат гістарычных навук, дацэнт Здановіч У.В.). Варта аддаць даніну павагі асобам, якія шмат зрабілі для станаўлення і арганізацыйнага росту гістарычнага факультэта, але не дажылі да 70-годдзя універсітэта – прафесару Мелішкевічу У.У. (1942–1994) і дацэнту Нікіценкаву У.І. (1952–2008).

Пасля чарговага структурнага пераўтварэння ў 2008 г. – уз’яднання кафедраў гісторыі культуры і рэлігіі і гісторыі славянскіх народаў у межах кафедры гісторыі славянскіх народаў – структура факультэта набыла цяперашні выгляд. Побач з дэканам, кандыдатам філасофскіх навук, дацэнтам Галімавай Н.П. у дэканаце працуюць яе намеснікі: па вучэбнай і навуковай працы – кандыдат гістарычных навук, дацэнт Бурык Алена Аляксееўна, па выхаваўчай працы (са шматгадовым вопытам) – кандыдат гістарычных навук, дацэнт Бодак Андрэй Юр’евіч, а таксама метадыст завочнага навучання Воўк Святлана Уладзіміраўна. Зараз на кафедры гісторыі Беларусі (загадчык – кандыдат гістарычных навук, дацэнт Здановіч У.В.) працуюць 7 выкладчыкаў, з іх 6 кандыдатаў навук, дацэнтаў, на кафедры гісторыі славянскіх народаў (загадчык – доктар гістарычных навук, дацэнт Вабішчэвіч А.М.) – 10 выкладчыкаў, з іх 3 дактары навук, прафесары, 4 кандыдата навук, дацэнта, на кафедры ўсеагульнай гісторыі (загадчык – кандыдат гістарычных навук, дацэнт Пашковіч Алена Іосіфаўна) – 7 выкладчыкаў, кандыдатаў навук, дацэнтаў.

За гады свайго існавання гістарычны факультэт пераўтварыўся ў рэгіянальны цэнтр (у рамках універсітэта) падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў па спецыяльнасцях «Гісторыя», «Гісторыя. Сацыяльна-палітычныя дысцыпліны», «Гісторыя. Сусветная і айчынная культура», «Гісторыя. Рэлігіязнаўства», «Гісторыя. Замежная мова (англійская)», «Гісторыя (рэлігій)»якія працуюць ва ўстановах адукацыі, культуры, архівах і іншых установах, органах дзяржаўнага кіравання пераважна Брэсцкай вобласці. Усяго за 1993–2015 гг. дыплом аб вышэйшай адукацыі атрымалі 3155 выпускнікоў гістарычнага факультэта, з іх дзённага навучання – 1564, завочнага навучання – 1060. Найбольшая колькасць выпускнікоў была ў 2010 г. – 178 чалавек.

У справе падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў гісторыкаў выкарыстоўваецца патэнцыял кафедр факультэта, а таксама музейнай экспазіцыі кафедры гісторыі славянскіх народаў. Немалое значэнне надаецца і вучэбным практыкам – археалагічнай, гісторыка-краязнаўчай. Вынікі практык за апошнія гады былі прадстаўлены на ўніверсітэцкай навукова-практычнай канферэнцыі «Вучэбныя практыкі ў сістэме прафесійнай падрыхтоўкі гісторыкаў: ход рэалізацыі, пытанні ўдасканалення». Ужо сталі традыцыйнымі на факультэце Дні беларускай культуры, гісторыіі культуры замежжа наладжванне беларускіх вячорак, фэст-выступленняў (гуканне вясны), прэзентацый кніг аўтарытэтных айчынных і замежных вучоных (напрыклад, Міколы Нікалаева (г. Санкт-Пецярбург), Антонія Мірановіча (г. Беласток) і інш.), творчых сустрэч (напрыклад, з даследчыкам жыцця і творчасці акадэміка Яўхіма Карскага, яго праўнукам Аляксандрам Карскім (г. Санкт-Пецярбург) і інш.), экскурсій па гістарычных мясцінах Беларусі (на радзіму мастака Н. Орды – у Варацэвічы Іванаўскага раёна і інш.), наведванне музеяў, мастацкіх выстаў. У выхаваўчай працы надаецца ўвага таксама фізічнаму, эстэтычнаму, экалагічнаму і іншым напрамкам. Сярод найбольш пашыраных форм і напрамкаў выхаваўчай працы трэба адзначыць наступныя: куратарская работа; індывідуальная праца; экскурсіі; культурна-масавыя, спартыўныя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы і інш. Зарэкамендавалі сябе выдатнымі куратарамі акадэмічных груп дацэнты Нікіценкава Л.П., Харычкава Л.В., Пашковіч А.І., Свірыд А.М., выкладчыкі Чуль Р.В., Занько Я.Ю. і інш. Яны шмат робяць для сацыялізацыі і адаптацыі студэнтаў 1-2 курсаў да адукацыйнай прасторы ўніверсітэта.

На сучасным этапе гістарычны факультэт мае высокакваліфікаваны прафесарска-выкладчыцкі склад, у якім арганічна спалучаюцца сталасць дактароў, прафесараў, вопыт кандыдатаў, дацэнтаў, энергічнасць маладых выкладчыкаў. У структуры гістарычнага факультэта знаходзяцца 3 профільныя кафедры – кафедра гісторыі Беларусі (загадчык – кандыдат гістарычных навук, дацэнт Здановіч Уладзімір Васільевіч), кафедра гісторыі славянскіх народаў (загадчыкам – А.М. Вабішчэвіч, доктар гістарычных навук, дацэнт), кафедра ўсеагульнай гісторыі (загадчык – кандыдат гістарычных навук, дацэнт Пашковіч Алена Іосіфаўна). У 2014/2015 навучальным годзе з 24 чалавек прафесарска-выкладчыцкага складу навуковыя ступені мелі 20 чалавек (83,3%), з іх 3 доктары навук (А.А. Гарбацкі, І.І. Шаўчук, А.М. Вабішчэвіч) і 17 кандыдатаў навук. Значны ўклад у развіццё гістарычнага факультэта, яго навукова-даследчыцкую працу ўносіў Часноўскі Мечыслаў Эдвардавіч, доктар гістарычных навук, прафесар, рэктар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна (2002–2014 гг.).

Павышэнне навуковай кваліфікацыі кадраў з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці факультэта і яго кафедраў. На працягу апошніх 5 гадоў былі паспяхова абаронены 2 доктарскія і 3 кандыдацкія дысертацыі. У доктарскай дысертацыі І.І. Шаўчука «Кадры гуманітарных наук БССР: станаўленне, фарміраванне, развіццё (20–30-я гады ХХ ст.)» (2010 г.) выяўлены 2 напрамкі ў падрыхтоўцы кадраў гуманітарных навук, раскрыты яе асноўныя праблемы. У доктарскім даследаванні А.М. Вабішчэвіча «Нацыянальна-культурнае жыццё ў Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.)» (2011 г.) выкладзена канцэпцыя навуковага даследавання праблемы нацыянальна-культурнага жыцця ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. як цэласнай сістэмы існавання раз’яднанай часткі беларускай нацыі ў межах поліэтнічнай Польскай дзяржавы. А.М. Вабішчэвіч атрымаў Дыплом лаўрэата конкурсу ВАК Рэспублікі Беларусь за лепшую доктарскую дысертацыю 2011 г.

Адным з выніковых дасягненняў была падрыхтоўка і паспяховая абарона дысертацый. На працягу дваццацігоддзя выкладчыкамі гістарычнага факультэта паспяхова абаронена 21 дысертацыя, з іх 5 доктарскіх і 16 кандыдацкіх дысертацый (аўтарамі 10 з іх з’яўляюцца выпускнікі гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна: Еленская І.Э., Башкоў А.А., Савіч А.А., Свірыд А.М., Швайко В.Р., Пашковіч А.І. і інш.). Прадстаўнічая група выпускнікоў, якія абаранілі кандыдацкія дысертацыі, працуе зараз у Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце – Малыхіна Л.Ю., Васовіч С.М., Лісоўская Т.В., Машчук А.В.

У аспірантуры, якая функцыянуе з 1993 г., ажыццяўляецца падрыхтоўка навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі па спецыяльнасці «Айчынная гісторыя». Падтрымку ў адкрыцці ўласнай аспірантуры і магістратуры, ажыццяўленні навукова-даследчыцкай і адукацыйнай працы гістарычнаму факультэту аказвалі і працягваюць аказваць Інстытут гісторыі НАН Беларусі, БДУ, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы і іншыя ўстановы Рэспублікі Беларусь. Выпускнікі аспірантуры паспяхова абаранілі 9 кандыдацкіх дысертацый, цяпер некалькі работ рыхтуюцца да абароны. Тэматыка дысертацыйных прац ахоплівае актуальныя і пераважна наватарскія напрамкі айчыннай гістарычнай навукі. У апошнія гады пад навуковым кіраўніцтвам прафесараў А.А. Гарбацкага, М.Э. Часноўскага, дацэнта У.В. Здановіча паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі К.У. Марозька, Т.П. Саўчук, А.А. Бурык.

Прафесарска-выкладчыцкі склад гістарычнага факультэта ўжо мае пэўныя дасягненні рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў у распрацоўцы новых тэматычна-праблемных навуковых напрамкаў і істотным узбагачэнні традыцыйнай праблематыкі айчыннай гістарычнай навукі. Сярод такіх напрамкаў навуковых даследаванняў вылучаюцца наступныя: гісторыя канфесій у Беларусі (гісторыя стараабрадніцтва, асобных праваслаўных манастыроў Беларусі, гісторыя ўніяцкай царквы); грамадска-палітычныя працэсы, этнакультурнае развіццё, канфесійнае жыццё ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг.; гісторыя гуманітарных навук у БССР (1920–30-я гг.); гістарыяграфія гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і мемарыялізацыя яе падзей у Беларусі; беларуска-польскія адносіны ў ХХ ст.; праблематыка сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця беларуска-польскага памежжа; гістарычнае краязнаўства (гісторыя і культура Берасцейшчыны); вывучэнне і выкладанне пытанняў Халакосту ў Беларусі; археалагічныя і этнаграфічныя даследаванні на тэрыторыі Брэсцкай вобласці; міжнародныя адносіны ў цэнтральна-ўсходнееўрапейскім рэгіёне; гісторыя знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь.

Прафесарска-выкладчыцкі склад, аспіранты гістарычнага факультэта ўдзельнічалі ў рэалізацыі цэлага шэрагу міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных навукова-даследчыцкіх праектаў, у тым ліку ў рамках Дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў у Рэспубліцы Беларусь. На працягу 2005–2015 гг. яны прымалі ўдзел у выкананні 18 навуковых тэм, якія прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю, у тым ліку 2 – у рамках Дзяржаўных комплексных праграм, 1 – у межах сумеснага праекта Беларускага рэспубліканскага фонда фундаментальных даследаванняў і Расійскага гуманітарнага навуковага фонда. Так, пры выкананні сумеснага беларуска-расійскага праекта «Беларускія землі паміж Расіяй і Польшчай у XIX–XX стагоддзях: нацыянальна-культурныя і грамадска-палітычныя фактары гістарычнага развіцця» праводзілася паглыбленае вывучэнне, сістэматызацыя і аналіз новай базы крыніц з архіўных устаноў Беларусі і замежных краін. У рамках Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Гуманітарныя навукі як фактар развіцця беларускага грамадства і дзяржаўнай ідэалогіі» выконвалася тэма «Гісторыя гуманітарных навук у Беларусі (1920–1930-я гады)», кіраўніком якой быў дацэнт І.І. Шаўчук. Сталі ўжо традыцыйнымі навукова-даследчыцкія праекты пад кіраўніцтвам прафесара А.А. Гарбацкага па асобных раёнах Брэсцкай вобласці – праводзіліся даследаванні па Івацэвіцкім, Іванаўскім, Маларыцкім раёнах.

Выніковымі былі кафедральныя навукова-даследчыцкія работы. Як правіла, у ходзе іх выканання былі выяўлены і ўведзены ў навуковы абарот значныя масівы новых дакументальных крыніц з фондаў архіваў Беларусі і замежных краін, матэрыялы палявых даследаванняў. На кафедры гісторыі славянскіх народаў у ходзе рэалізацыі тэмы «Грамадская-палітычныя, сацыякультурныя і канфесійныя праблемы беларусаў у кантэксце гісторыі славянскіх народаў у ХХ – пачатку ХХІ стст.» была вызначана роля Праваслаўнай Царквы і яе асобных арганізацыйных адзінак (епархій, манастыроў, брацкіх арганізацый) у грамадска-палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці на беларускіх землях у пэўныя храналагічныя перыяды, раскрыта спецыфіка рэпатрыянтаў Другой сусветнай вайны як адметнай сацыяльнай групы ў складзе насельніцтва Беларусі, а таксама атрыманы іншыя наватарскія вынікі. Дацэнт А.А. Башкоў і выкладчык В.Ю. Піліповіч удзельнічалі ў археалагічных даследаваннях цэлага шэрагу помнікаў архітэктуры Брэсцкай вобласці ў рамках абласной, рэспубліканскай праграм па адраджэнні і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, праграмы Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі: палаца Пуслоўскіх ХІХ ст. у Косаве, палаца Сапегаў у Ружанах, палацава-паркавага комплекса XVII–XVIII стст. у Воўчыне, кляштара картузаў XVII–XVIII стст. у Бярозе, фамільнай капліцы Ажэшкаў у Закозелі, Цярэспальскіх варот Брэсцкай крэпасці, сядзібы роду Дастаеўскіх XVI–XVIII стст. у Дастоеве, палацава-паркавага ансамбля Нямцэвічаў XVII–ХІХ стст. у Скоках і інш.

Праблематыка ваеннага мінулага і памяці пра яго, гістарычнага краязнаўства была прадметам даследавання тэм, якія выконваліся на кафедры гісторыі Беларусі: «Манументальная памяць пра Вялікую Айчынную вайну ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць», «Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці беларускага народа», «Брэстчына: гісторыя і сучаснасць». Пры падтрымцы Беларускага рэспубліканскага фонда фундаментальных даследаванняў дацэнт Т.П. Саўчук выконвала навукова-даследчую працу, прысвечаную мемарыялізацыі падзей Вялікай Айчыннай вайны на беларускай зямлі. Актыўна займалася праблематыкай вуснай гісторыі дацэнт І.Э. Яленская. На сучасным этапе кафедра гісторыі Беларусі дынамічна развіваецца, раскрывае закладзены даследчыцкі і навукова-метадычны патэнцыял. Дэкан гістарычнага факультэта, дацэнт Н.П. Галімава падрыхтавала разам з маладымі выкладчыкамі вучэбна-метадычныя комплексы «История Беларуси»(Брэст, 2013), «История Беларуси в контексте европейской цивилизации» (Брэст, 2014), якія з’яўляюцца вельмі карыснымі пры вывучэнні айчыннай гісторыі як беларускімі студэнтамі, так і замежнымі.

Прыярытэтныя напрамкі навукова-даследчай дзейнасці кафедры ўсеагульнай гісторыі, яе плённага міжнароднага супрацоўніцтва былі вызначаны ў той час, калі яе загадчыкам з’яўляўся дацэнт У.І. Нікіценкаў (1995–2008 гг.). Пры выкананні тэмы «Эвалюцыя гарадоў і сельскіх паселішчаў Брэстчыны ў XIX–XX стст.» даследаваліся змены ў сацыяльна-эканамічным, грамадска-палітычным і культурным жыцці малых гарадоў і сельскіх населеных пунктаў заходнепалескага рэгіёна. Мэтай другой тэмы – «Гістарычная памяць аб 20–30-х гадах ХХ стагоддзя ў вуснай гісторыі (на прыкладзе заходніх абласцей Беларусі)» – было даследаванне феномена захавання памяці аб паўсядзённым жыцці і рэаліях міжваеннага часу на прыкладзе ўспамінаў жыхароў заходнебеларускіх зямель. Таксама кафедра ўсеагульнай гісторыі ўдзельнічала ў выкананні 2 міжнародных праектаў, сярод якіх была сумесная беларуска-нямецкая праца «Ахвяры ці злачынцы? Адлюстраванне ўдзельнікаў вайны і грамадзянскага насельніцтва ў мемарыяльных комплексах «Брэсцкая крэпасць-герой» і «Зяелаўскія вышыні». Дацэнт Я.С. Разенблат прымаў удзел у праекце Расійскага гуманітарнага навуковага фонда, у выніку якога была выдадзена энцыклапедыя «Холокост на территории СССР» (М., 2009). Сумесна з Дзяржаўным архівам Брэсцкай вобласці былі падрыхтаваны зборнікі дакументаў і матэрыялаў, прысвечаныя гісторыі Брэста ў 1919–1939 і 1939–1941 гг. На кафедры ўсеагульнай гісторыі актыўна вывучаюцца праблемы памежнага супрацоўніцтва, знешнепалітычная дзейнасць Рэспублікі Беларусь і іншыя актуальныя пытанні.

Вынікі навукова-даследчыцкай працы апрабіруюцца ў выдадзеных манаграфіях, курсах лекцый, артыкулах у айчынных і замежных навуковых выданнях, дакладах на канферэнцыях у Рэспубліцы Беларусь і за мяжой, укараняюцца ў навучальным працэсе, выкарыстоўваюцца ў працы устаноў культуры, органаў дзяржаўнага кіравання. На працягу апошняга дзесяцігоддзя намаганнямі прафесарска-выкладчыцкага складу гістарычнага факультэта падрыхтавана і выдадзена 18 манаграфій, 10 вучэбных дапаможнікаў, курсаў лекцый, вучэбна-метадычных комплексаў для студэнтаў ВНУ, цэлы шэраг даведнікаў, зборнікаў дакументаў і ўспамінаў.

У сканцэнтраваным выглядзе новыя навуковыя вынікі адлюстраваны ў манаграфічных працах. А.М. Вабішчэвіч выклаў канцэптуальныя падыходы, змястоўны факталагічны матэрыял аб этнакультурным развіцці заходнебеларускіх зямель у 20–30-я гг. ХХ ст. ва ўласнай манаграфіі «Нацыянальна-культурнае жыццё Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.)» (Брэст, 2008), а таксама ў калектыўных навуковых выданнях «Гісторыя Беларусі» т. 5 (Мінск, 2006), «Гісторыя Пінска. Ад старажытнасці да сучаснасці» (Мінск, 2012), «Рижский мир в судьбе белорусского народа. 1921–1953 гг.» кн. 1–2 (Мінск, 2014). У манаграфіі А.А. Гарбацкага «Православные монастыри Беларуси: история и современность. Чонский монастырь» (Брэст, 2011) прадстаўлена цэласная карціна гісторыі Чонскаго манастыра ад узнікнення ў другой палове XVIII ст. да ліквідацыі ў гады Першай сусветнай вайны, прааналізаваны асноўныя этапы яго станаўлення і развіцця. Пад агульнай рэдакцыяй А.А. Гарбацкага выдадзена і калектыўная манаграфія «Гарады і раёны Берасцейшчыны: гісторыя і сучаснасць. Івацэвіцкі раён» (Брэст, 2009). Вынікі даследавання І.І. Шаўчука па гісторыі гуманітарных навук БССР у міжваенны час былі выкладзены ім у манаграфіі «Гуманітарныя навукі ў сацыяльнай гісторыі Беларусі (20–30-я гады ХХ ст.)» (Брэст, 2007).

А.А. Башкоў у манаграфіі «Христианские древности Беларуси конца Х–XІV вв.» (Мінск, 2011) правёў комплексны аналіз прадметаў хрысціянскага культу індывідуальнага выкарыстання акрэсленага перыяду. У манаграфіі А.А. Савіча «Нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.): гістарыяграфія праблемы» (Брэст, 2012) выяўлена дынаміка гістарыяграфіі заходнебеларускага руху, удакладнены і дапоўнены высновы, ацэнкі папярэдніх даследчыкаў, вызначаны як распрацаваныя, так і слаба вывучаныя напрамкі. У ходзе комплекснага аналізу гісторыі ўніяцтва ў заходнебеларускім краі А.М. Свірыдам у манаграфічным даследаванні «Униатская церковь в Западной Беларуси (1921–1939 гг.)» (Брэст, 2012) выяўлены яго спецыфічныя рысы, формы, нацыянальная арыентацыя, раскрыты дагматычныя, кананічныя і абрадавыя асаблівасці Каталіцкай царквы візантыйска-славянскага абраду. Пытанні Халакосту і антыфашысцкага яўрэйскага супраціўлення на беларускай зямлі грунтоўна выкладзены Я.С. Разенблатам у калектыўнай манаграфіі «Беларусь в 1941–1945 гг.: подвиг, трагедия» (Мінск, 2010). Манаграфія У.В. Здановіча «Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны. Агляд крыніц і айчыннай гістарыяграфіі» (Брэст, 2012) раскрыты ўклад айчыннай гістарычнай навукі ў вывучэнне гэтай трагічнай старонкі мінулага беларускага народа. У манаграфічнай працы Т.П. Саўчук «Увековечение событий Великой Отечественной войны в Беларуси» (Брэст, 2013) прааналізаваны асноўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў Беларускай ССР і Рэспубліцы Беларусь па ўшанаванні падзей Вялікай Айчыннай вайны, захаванні і ўзвядзенні воінскіх помнікаў, вызначана роля грамадскіх арганізацый у працэсе захавання памяці аб вайне, ахарактарызавана арганізацыя і правядзенне пошукавай працы.

З выдадзенай навучальнай літаратуры найперш трэба адзначыць вучэбны дапаможнік «Гісторыя знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь» (Брэст, 2008) прафесара М.Э. Часноўскага, прызначаны як для будучых гісторыкаў, так і дыпламатаў, эканамістаў, перакладчыкаў. Пры вывучэнні рэлігіязнаўчых дысцыплін асабліва карысным з’яўляецца курс лекцый «Христианство» (у 3-х частках) прафесара А.А. Гарбацкага, якія выйшлі ў Брэсце ў 2008, 2010 і 2013 гг. Практыка-арыентаваны характар мае вучэбна-метадычны дапаможнік «Полевые этнографические исследования» С.П. Жлобы і І.С. Чарнякевіч (Брэст, 2012).

Важным напрамкам дзейнасці гістарычнага факультэта з’яўляецца арганізацыя і правядзенне навуковых канферэнцый рознага ўзроўню (міжнародных, рэспубліканскіх, рэгіянальных, універсітэцкіх). З 2003 г. сталі традыцыйнымі міжнародныя канферэнцыі «Асоба ў гісторыі: гераічнае і трагічнае». Другая канферэнцыя ў 2004 г. была прысвечана памяці аднаго з пачынальнікаў гістарычнага факультэта – прафесара У.У. Мелішкевіча, а ў 2013 г. адбылася ўжо такая шостая канферэнцыя. Сумесна з Брэсцкай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы ў 2007, 2011, 2013 гг. былі праведзены І, ІІ і ІІІ Міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі «Праваслаўе у духоўным жыцці Беларусі», у 2008 г. – Міжнародная навукова-багаслоўская канферэнцыя «Дабраверны князь Канстанцін (Васілій) Астрожскі – славуты асветнік і абаронца праваслаўя» (да 400-годдзя памяці князя К. Астрожскага). Гэтыя навуковыя форумы, у якіх прымалі удзел аўтарытэтныя вучоныя Беларусі і замежных краін, атрымалі станоўчыя водгукі навуковай грамадскасці. Акрамя іх, сярод найбольш значных міжнародных канферэнцый апошняга дзесяцігоддзя былі наступныя: 2005 г. – «Гісторыка-культурная спадчына Брэсцка-Пінскага Палесся: паміж мінулым і будучыняй»; 2006 г. – «1941 год: трагедыя, гераізм, памяць»; 2010 г. – Х Міжнародная канферэнцыя школьнікаў, студэнтаў і выкладчыкаў «Халакост: памяць і папярэджанне», прысвечаная памяці дацэнта У.І. Нікіценкава; 2011 г. – «Геапалітычныя трансфармацыі ва Усходняй Еўропе паміж дзвумя сусветнымі войнамі. Да 90-годдзя падпісання Рыжскага мірнага дагавора»; 2012 г. – «Нацысцкая палітыка генацыду на акупаваных тэрыторыях СССР»; 2014 г. – «Атамныя салдаты» Брэстчыны: да 60-годдзя агульнавайскавых вучэнняў з прымяненнем атамнай бомбы на Тоцкім палігоне».

Таксама быў праведзены цэлы шэраг навуковых мерапрыемстваў рэспубліканскага і рэгіянальнага ўзроўняў. Сярод іх трэба адзначыць Рэспубліканскую навуковую канферэнцыю «Гісторыя і традыцыі беларускай навукі (да 90-годдзя Інстытута беларускай культуры)» (2012 г.), ІІ Рэспубліканскую студэнцкую навукова-практычную канферэнцыю «Фальклор, гісторыя і літаратура беларусаў у кантэксце культурнай спадчыны славян» (2013 г.) і інш.

На гістарычным факультэце створаны ўмовы, якія дазваляюць раскрыць навукова-даследчыцкі патэнцыял студэнтаў і магістрантаў, рэалізаваць іх здольнасці да самастойнай навуковай працы. Асноўнымі формамі навукова-даследчыцкай працы з імі з’яўляюцца навукова-даследчыя групы, індывідуальная праца. Важную ролю ў актывізацыі навуковай працы іграюць валанцёрскія студэнцкія атрады для правядзення археалагічных даследаванняў. Пад кіраўніцтвам прафесарска-выкладчыцкага складу на гістарычным факультэце дзейнічае студэнцкае навуковае таварыства, 9 студэнцкіх навукова-даследчыцкіх груп па вывучэнні розных праблем айчыннай і сусветнай гісторыі, гісторыі культуры, міжкафедральная студэнцкая навукова-даследчыцкая лабараторыя «Вусная гісторыя». Праводзіцца праца па стварэнні архіўнай базы вуснай гісторыі жыхароў Брэсцкай вобласці. Курсавыя і дыпломныя работы студэнтаў прысвячаюцца актуальным праблемам гістарычных і сацыяльна-гуманітарных навук. Пры гэтым асаблівае ўвага надаецца выкарыстанню новых крыніц (архіўных дакументаў, матэрыялаў палявых даследаванняў, вуснай гісторыі і інш.) і метадалогіі даследавання. Вынікі даследчыцкай працы студэнтаў, магістрантаў змяшчаюцца ў зборніках «Моладзь Берасцейшчыны», «Берасцейскі хранограф» і іншых выданнях, выкладаюцца ў дакладах на канферэнцыях рознага ўзроўню ў краіне і за мяжой, прадстаўляюцца на Рэспубліканскіх конкурсах студэнцкіх навуковых работ, дзе амаль штогод становяцца пераможцамі і лаўрэатамі.

Кафедрамі гістарычнага факультэта ажыццяўляецца плённае супрацоўніцтва з Інстытутам славяназнаўства РАН, Расійскім навукова-асветніцкім цэнтрам «Халакост», філіялам Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта ў г. Дамадзедава Маскоўскай вобласці, Чувашскім педагагічным універсітэтам імя І.Я. Якаўлева (г. Чэбаксары), Беластоцкім, Лейпцыгскім універсітэтамі і іншымі замежнымі навуковымі цэнтрамі і навучальнымі ўстановамі. Сумесна з польскімі даследчыкамі А.М. Вабішчэвіч прымаў удзел у падрыхтоўцы 2-х даведнікаў «Polska-Białoruś. Wspólne dziedzictwo historyczne» («Польшча-Беларусь. Агульная гістарычная спадчына»), якія былі выдадзены ў Варшаве ў 2013 і 2015 гг. Яны ўтрымліваюць упершыню распрацаваную базу пошуку дакументальных матэрыялаў па гісторыі заходнебеларускіх зямель у складзе Польскай дзяржавы (1918–1939 гг.), што захоўваюцца ў архівах Брэста, Гродна, Маладзечна і Мінска. Культурна-антрапалагічныя даследаванні А.А. Гарбацкага былі змешчаны ў калектыўнай манаграфіі «Pedagogika społeczna wobec zmian przestrzeni życia społecznego» («Сацыяльная педагогіка адносна змен прасторы грамадскага жыцця»), якая выдадзена ў Варшаве ў 2013 г.

У цэлым, вынікі навуковай працы гістарычнага факультэта выкарыстоўваюцца ў навучальным працэсе ўстаноў адукацыі, у рабоце органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў культуры Брэсцкай вобласці, у справе адраджэння і захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Ужо створана культурна-антрапалагічная навуковая школа пад кіраўніцтвам прафесара А.А. Гарбацкага. Адбываецца арганізацыйнае станаўленне навуковай школы па вывучэнні гісторыі, культуры і рэлігіі заходнебеларускіх зямель (кіраўнік – доктар гістарычных навук А.М. Вабішчэвіч). Наяўны кадравы патэнцыял і паспяховы вопыт выканання папярэдніх навукова-даследчыцкіх работ дае падставы сцвярджаць аб тым, што на сучасным этапе гістарычны факультэт гатовы для рэалізацыі перспектыўных дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, гаспадарча-дагаварных тэм па шэрагу напрамкаў: гісторыя традыцыйных канфесій і неакультаў на тэрыторыі Беларусі ў XIX – пачатку ХХІ стст.; гісторыя і культура раёнаў, населеных пунктаў, асобных прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў Брэсцкай вобласці; этнаканфесійнае жыццё ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг.; дынаміка беларуска-польскіх адносін у ХХ ст.; мемарыялізацыя падзей Першай сусветнай і Другой сусветнай войн; гісторыка-антрапалагічныя, краязнаўчыя, археалагічныя і іншыя даследаванні.

У апошнее дзесяцігоддзе гістарычны факультэт імкліва развіваўся. Вельмі разнастайнай стала тэматыка даследаванняў выкладчыкаў, больш дасканалымі макра- і мікрападыходы, даследчыцкія прыёмы. Развіццё новых форм адукацыі і навуковых даследаванняў на гістарычным факультэце БрДУ імя А.С. Пушкіна адбывалася ва ўмовах станаўлення незалежнасці Беларусі. На аснове закладзеных традыцый былі распрацаваны праграмы адпаведных курсаў, створаны дапаможнікі і курсы лекцый, электронныя вучэбныя комплексы, склалася сістэма вучэбных курсаў, якая ахоплівае ўсе кафедры факультэта.

Творчы саюз з Інстытутам гісторыі, Дзяржаўным архівам Брэсцкай вобласці, польскімі гісторыкамі дазволіць далей ажыццяўляць навуковыя пошукі ў межах дзяржаўнай праграмы фундаментальных даследаванняў, шэрагу прыкладных тэм. Пры гэтым неабходна заўважыць, што, нягледзячы на занятасць выкладчыцкай працай, вучоныя факультэта не саступаюць калегам па колькасці, аб’ёму навуковых прац. Значныя навуковыя пошукі ажыццяўляюцца і па-за межамі фінансуемых навуковых тэм. Такога роду распрацоўкі будуць выкарыстоўвацца найперш для падрыхтоўкі вучэбных дапаможнікаў, манаграфій.

На гістарычным факультэце склаўся ўнікальны навуковы калектыў, які будзе ахопліваць сваімі даследаваннямі гісторыю краін ад старажытнасці да сучаснасці. Дзякуючы сістэме навуковых гурткоў, пазавучэбнай рабоце ў навуковыя даследаванні ўключана значная частка студэнтаў. Штогод будзе прысутнічаць конкурс у магістратуру і аспірантуру, фарміравацца склад новага пакалення даследчыкаў, якія выдатна ведаюць мову крыніц, замежную мову, новыя інфармацыйныя тэхналогіі. Ставіцца пытанне аб арганізацыі дзейнасці Савета маладых вучоных факультэта (Т.П. Саўчук, А.А. Бурык і інш.). На факультэце ў бліжэйшы час плануецца абарона доктарскай і кандыдацкай дысертацый. Усё гэта дазваляе з упэўненасцю і перакананасцю ў лепшае глядзець у будучыню гістарычнай навукі Беларусі.

На сучасным этапе сацыяльная гісторыя адносіцца да ліку нямногіх раздзелаў гісторыі Беларусі, дзе не адбылося адмаўлення ад здабыткаў даследчыкаў мінулага, спроб рэвалюцыйна пераглядзець тэарэтычныя падыходы да асэнсавання ранейшых працэсаў. Назіраецца канструктыўны дыялог пакаленняў навукоўцаў, нарошчванне ведаў з улікам асваення новых гістарычных і сацыялагічных макра- і мікратэорый, запатрабаванняў часу. У апошняе дзесяцігоддзе навукоўцы факультэта робяць спробы пошуку новых метадалагічных падыходаў, выкарыстання мадэрнізацыйнай парадыгмы для аналізу трансфармацыі беларускага грамадства. Этапы і асаблівасці разгортвання мадэрнізацыйных працэсаў у Беларусі, іх змест, уплыў на сацыяльныя змены, эвалюцыю сацыяльнай структуры насельніцтва яны, безумоўна, будуць аналізаваць далей. Аднак пры ўсім багацці і шматграннасці зробленага па-за межамі цікавасці факультэтскіх даследчыкаў засталіся пытанні паўнавартаснай характарыстыкі многіх сацыяльна-саслоўных груп, эвалюцыі нацыянальна-канфесійнага накірунку ўрадавай палітыкі, разгортвання працэсаў этнакультурнай самаідэнтыфікацыі розных груп насельніцтва Беларусі і многае іншае. Не менш цікава разглядзець пытанні паўсядзённага жыцця розных сацыяльных пластоў жыхароў, функцыянавання культурных асяродкаў дваранскіх сядзіб і гарадскіх ускраін, эвалюцыі сацыяльнай мабільнасці насельніцтва Беларусі і інш. Такія задачы патрабуюць удасканалення даследчыцкага інструментарыю, выкарыстання метадаў сацыялогіі і эканомікі, апрацоўкі вялікіх комплексаў крыніц, найперш на мікраўзроўні.

Акрамя спецыяльнасцей «Гісторыя», «Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны», «Гісторыя (рэлігій)» у бягучым навучальным годзе на гістарычным факультэце адкрыты новыя спецыяльнасці – «Гісторыя (паліталогія)», «Гісторыя (археалогія)». У магістратуры праводзіцца падрыхтоўка па спецыяльнасці «Айчынная гісторыя». Выкладчыкі факультэта складают новыя вучэбныя праграмы, тэксты лекцый і метадычныя распрацоўкі па новых спецыяльнасцях. Вядзецца вялікая прафарыентацыйная работа сярод абітурыентаў з мэтай павелічэння колькасці студэнтаў і магістрантаў. У сувязі з тым, што ў бягучым навучальным годзе ў школы Беларусі вяртаецца курс «Сусветная мастацкая культура», узнікае неабходнасць аднаўлення набора студэнтаў на спецыяльнасць «Гісторыя. Сусветная і айчынная культура».

Трэба спадзявацца, што назапашаны навуковы патэнцыял гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна з’яўляецца асновай для яго памнажэння. І дасягненне гэтага будзе ў гарманічным спалучэнні інавацыйных падыходаў і лепшых традыцый яго прафесарска-выкладчыцкага складу.

У цэлым, 70-гадовы юбілей універсітэта гістарычны факультэт сустракае з прызнанымі як у межах універсітэта, так і ва ўсёй Рэспубліцы Беларусь, за мяжой пэўнымі дасягненнямі ў вучэбна-метадычнай, навукова-даследчыцкай, ідэалагічнай і выхаваўчай працы і адначасова з абнадзейваючымі планамі на будучыню. Задачы гістарычнага факультэта на бліжэйшыя гады вызначаны. Спадзяемся, што яны будуць выкананы сумеснымі намаганнямі вопытных, адказных і дынамічных выкладчыкаў і супрацоўнікаў усіх структурных падраздзяленняў гістарычнага факультэта. І тады пра лёс гістарычнага факультэта Брэсцкага ўніверсітэта можна будзе ўпэўнена сказаць (падобна словам класіка беларускай літаратуры У. Караткевіча): «Быў! Ёсць! Буду!»

А.М. Вабішчэвіч,
загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў БрДУ імя А.С. Пушкіна,
доктар гістарычных навук,

Н.П. Галімава,
дэкан гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна,
кандыдат філасофскіх навук